Астравец адсвяткаваў 555-годдзе

Святкаванне 555-годдзя Астраўца пачалося з хвіліны маўчання і ўскладання кветак да помніка савецкім воінам і партызанам, паведамляе Астравецкая праўда.
Падзякай дзядам і прадзедам, удзельнікам і героям Вялікай Айчыннай вайны, у якіх перанялі вопыт пераможцаў сённяшнія воіны; тым, хто прыкрываў тыл, перажыў жахі вайны, стала хвіліна маўчання і жывыя кветкі, якія ўсклалі ганаровыя госці з Расіі, Венгрыі, суседніх з нашым раёнаў, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Свіла, намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, кіраўніцтва раёна, Савет дэпутатаў, ветэраны і грамадскія аб’яднанні, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.
Многае можна сказаць пра гісторыю горада. Ад заснавання да нашых дзён ён перажыў войны і выпрабаванні, але толькі станавіўся мацнейшым. У кожным з пакаленняў астраўчан ёсць свае героі. З павагай да іх моладзь Астравеччыны, вучні ваенна-патрыятычнага класа, запалілі свечкі і прымацавалі на вянок стужкі з надпісам “Мы помнім”.
Яркім і святочным было шэсце “Па вуліцах роднага горада”. Кожны калектыў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Астравеччыны старанна падрыхтаваўся і парадаваў гледачоў не толькі арыгінальным афармленнем сваёй калоны, але і ўсмешкамі і радасным настроем, які перадаваўся ўсім навокал.
Урачыстае адкрыццё свята прайшло на галоўнай сцэне горада, якую разгарнулі ля помніка Леніну. Тут сабраліся шаноўныя госці, мясцовыя жыхары рознага ўзросту і прыезжыя, хто вырашыў правесці гэты дзень разам з астраўчанамі. Ганаровыя граматы райвыканкама атрымалі аператар машыннага даення МТК “Рытань” РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Святлана Баран, загадчык хірургічнага аддзялення Астравецкай ЦРКБ Павел Расошка, віцэ-прэзідэнт – дырэктар праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС Віталь Палянін, благачынны цэркваў Астравецкай благачыннай акругі Георгій Савіцкі.
-- Сёння ў нашай хаце свята. Прыміце сардэчныя віншаванні з юбілейнай датай. Сёння Астравец – малады горад з вялікай гісторыяй, які імкнецца ў будучыню. У гэтым руху наперад ёсць заслуга кожнага жыхара. Хачу падзякаваць усім за працу, за асабісты ўклад у развіццё горада і раёна, за любоў да роднага краю. Няхай новыя справы працягваюць цікавую і яркую гісторыю Астраўца, няхай наш горад квітнее, а жыццё кожнай сям’і будзе напоўнена цеплынёй і ўзаемаразуменнем, -- павіншавала астраўчан са святам старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук і ўзнагародзіла намесніка дырэктара па агульных пытаннях Прадстаўніцтва АТ ІК “Атамбудэкспарт” у Рэспубліцы Беларусь Віктара Брыча, дырэктара РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Дзяніса Кірпу, ксяндза-пробашча касцёла Наведвання Маці Божай у м. Гудагай Аркадзя Куляху Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў.
Да юбілею горада карэспандэнт раённай газеты, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Ніна Рыбік і настаўнік Кямелішкаўскай сярэдняй школы Алена Іванцэвіч выпусцілі кнігу “Астравеччына вядомая і незнаёмая” – іх, а таксама медатыста вучэбна-метадычнага кабінета Алену Атаманюк, якая дапамагала ў падрыхтоўцы выдання кнігі, за важкі ўклад у захаванне гісторыі раёна падзякавала старшыня раённага Савета дэпутатаў і ўручыла Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў.
Нагрудным знакам “Ганаровы грамадзянін горада Астраўца” ўзнагародзілі генеральнага дырэктара Беларускай АЭС Міхаіла Філімонава – важную місію выканалі Ігар Шалудзін і Ірына Тальчук.
Віншавалі горад і яго жыхароў ганаровыя госці свята: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Свіла, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, выконваючы абавязкі генеральнага консула Расійскай Федэрацыі ў Гродне Павел Марозаў, намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, віцэ-прэзідэнт – дырэктар праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС Віталь Палянін.
Падчас святкавання дня горада знайшлі сабе відовішча па душы і аматары сілавога экстрыму – іх запрашаў “Асілак-2023”.
Да свайго 555-годдзя Астравец атрымаў шмат падарункаў. Адзін з іх – кніга Ніны Рыбік і Алены Іванцэвіч “Астравеччына вядомая і незнаёмая”. Кніга выдадзена рэдакцыяй “Астравецкай праўды” па матэрыялах праведзенага ў 2020 годзе раённай газетай краязнаўчага конкурсу “Пазнай Астравеччыну” пры фінансавай падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.