ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ ПРОФСОЮЗА БЕЛЭНЕРГОТОПГАЗ
Главная » Новости » Лента новостей
 

Нагрудным знаком «Почетный гражданин города Островец» награжден генеральный директор Белорусской АЭС Михаил Филимонов

104

Урачыстае адкрыццё свята прайшло на галоўнай сцэне горада, якую разгарнулі ля помніка Леніну. Тут сабраліся шаноўныя госці, мясцовыя жыхары рознага ўзросту і прыезжыя, хто вырашыў правесці гэты дзень разам з астраўчанамі.

-- Сенняшні дзень – сімвал адзінства розных пакаленняў астраўчан; свята, якое аб’ядноўвае не толькі жыхароў горада, але і тых, хто лічыць яго радзімай сваіх продкаў, хто адчувае сувязь з родным краем нават знаходзячыся за сотні і тысячы кіламетраў ад яго. Гэта свята, з якім мы віншуем адзін аднаго, нягледзячы на нацыянальнасць, веравызнанне, месца працы і сацыяльны статус, таму што мы адна сям’я, мы астраўчане, якія шчыра любяць свой горад, -- адзначыў у прывітальным слове старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін. -- У Астраўца асаблівы твар і асаблівы рытм жыцця. Але сэрца горада – яго жыхары, энергічныя, адукаваныя, таленавітыя, якія не толькі працуюць дзеля працвітання роднага краю, але і аддаюць яму часцінку свайго сэрца і цеплыню сваёй душы. Мы ганарымся, што дзякуючы працаўнікам дасягнуты значныя вынікі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы, а па выніках года раён занесены на Рэспубліканскую дошку гонару. Упэўнены, што ў нашага горада вялікія перспектывы, а ў яго працалюбівых і клапатлівых жыхароў – багатыя магчымасці для рэалізацыі самых смелых планаў.

Ігар Шалудзін падзякаваў усім сённяшнім жыхарам горада і яго старшаму пакаленню за працу і трывалы фундамент дабрабыту. А таксама выказаў словы ўдзячнасці інжынірынгаваму дывізіёну “Расатам”, які не толькі завяршае самы маштабны інвестыцыйны праект у нашай краіне, але і пры дапамозе якога на тэрыторыі раёна рэалізавана каля 150 сацыяльных праектаў.

Былі на свяце і ўзнагароды. Ганаровыя граматы райвыканкама атрымалі аператар машыннага даення МТК “Рытань” РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Святлана Баран, загадчык хірургічнага аддзялення Астравецкай ЦРКБ Павел Расошка, віцэ-прэзідэнт – дырэктар праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС Віталь Палянін, благачынны цэркваў Астравецкай благачыннай акругі Георгій Савіцкі.

-- Сёння ў нашай хаце свята. Прыміце сардэчныя віншаванні з юбілейнай датай. Сёння Астравец – малады горад з вялікай гісторыяй, які імкнецца ў будучыню. У гэтым руху наперад ёсць заслуга кожнага жыхара. Хачу падзякаваць усім за працу, за асабісты ўклад у развіццё горада і раёна, за любоў да роднага краю. Няхай новыя справы працягваюць цікавую і яркую гісторыю Астраўца, няхай наш горад квітнее, а жыццё кожнай сям’і будзе напоўнена цеплынёй і ўзаемаразуменнем, -- павіншавала астраўчан са святам старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук і ўзнагародзіла намесніка дырэктара па агульных пытаннях Прадстаўніцтва АТ ІК “Атамбудэкспарт” у Рэспубліцы Беларусь Віктара Брыча, дырэктара РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Дзяніса Кірпу, ксяндза-пробашча касцёла Наведвання Маці Божай у м. Гудагай Аркадзя Куляху Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў.

Да юбілею горада карэспандэнт раённай газеты, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Ніна Рыбік і настаўнік Кямелішкаўскай сярэдняй школы Алена Іванцэвіч выпусцілі кнігу “Астравеччына вядомая і незнаёмая” – іх, а таксама медатыста вучэбна-метадычнага кабінета Алену Атаманюк, якая дапамагала ў падрыхтоўцы выдання кнігі, за важкі ўклад у захаванне гісторыі раёна падзякавала старшыня раённага Савета дэпутатаў і ўручыла Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў.

Нагрудным знакам “Ганаровы грамадзянін горада Астраўца” ўзнагародзілі генеральнага дырэктара Беларускай АЭС Міхаіла Філімонава – важную місію выканалі Ігар Шалудзін і Ірына Тальчук.

Віншавалі горад і яго жыхароў ганаровыя госці свята: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Свіла, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, выконваючы абавязкі генеральнага консула Расійскай Федэрацыі ў Гродне Павел Марозаў, намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, віцэ-прэзідэнт – дырэктар праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС Віталь Палянін.

Сюрпрыз удзельнікам урачыстасці падрыхтавала і тэлепраграма “ТВА. ТВой Астравец” рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”: запісала відэавіншаванні прадстаўнікоў розных галін.

Вядучыя імпрэзы нагадалі астраўчанам гісторыю заснавання мястэчка, яго развіцця, імёны вядомых землякоў, а ансамбль народнай песні “Кемяліна” і майстэрня-тэатр “Ларчик” парадавалі гасцей свята цудоўнымі нумарамі.

IMG_9265.JPG

IMG_9315.JPG

IMG_9395.JPG

IMG_9448.JPG

IMG_9269.JPG

IMG_9373.JPG

IMG_9242.JPG

IMG_9326.JPG

IMG_9419.JPG

З першых вуснаў

Віктар Свіла, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

-- Я помню калі Астравец святкаваў 540-годдзе, менавіта тады быў заданы тэмп развіцця горада. Цэнтр Астраўца ў той час атрымаў сённяшняе аблічча -- і ўсё гэта было зроблена арганізацыямі і за кошт бюджэта раёна.

За 15 апошніх гадоў гісторыі горада адбылося мноства падзей. Астравец стаў горадам энергетыкаў і атрымаў афіцыйны статус – ён самы малады горад у краіне. Стаў рэалізоўвацца план комплекснага развіцця горада энергетыкаў. І яго вынікі мы сёння бачым. Сённяшні Астравец уражвае – і не толькі мяне: шырыня, прастор, прыгажосць. Тут працуюць цудоўныя людзі – і лепшае пацвярджэнне таму ўзнагароджаныя сёння працаўнікі.

Віктар Пранюк, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

-- Ад імя сваіх калег віншую вас з днём нараджэння і радуюся разам з вамі. Мы, госці вашага свята, удзячны за запрашэнне, для нас гонар быць разам з вамі. Кожны, хто прыязджае ў Астравец, бачыць прыгажосць прыроды і велічнасць храмаў – жыхары беражліва захоўваюць сваю гісторыю, якая была напоўнена мноствам падзей рознага кшталту – у тым ліку і сумнымі.

Але кожны раз жыхары Астраўца падымалі яго з руін, будавалі планы на будучае. Амаль 80 гадоў наша краіна жыве пад мірным небам. Мы марым і ствараем -- і гісторыя Беларусі таму пацвярджэнне.

У Астраўцы хочацца жыць і працаваць. Няхай збываюцца вашы мары і ажыццяўляюцца ўсе пажаданні!

Павел Марозаў, выконваючы абавязкі генеральнага консула Расійскай Федэрацыі ў Гродне:

-- У Астравец сёння прыехала шмат гасцей – сярод іх і расіяне. Ад імя расійскіх сяброў я віншую вас з юбілеем. У гісторыі Астраўца было шмат перыядаў, але галоўным імпульсам развіцця рэгіёна былі і застаюцца людзі, якія ведамі і працай ствараюць багацце края.

Я ўражаны шэсцем працоўных калектываў – гэта было вельмі прыгожа. Мне прыемна, што дзякуючы інвестыцыйнаму праекту горад развіваецца, а супрацоўніцтва Расіі і Беларусі шырыцца.

Міхаіл Міхадзюк, намеснік міністра энергетыкі:

-- 15 гадоў назад Астравец сапраўды выцягнуў шчаслівы білет. У канцы 2008 года адбылася нарада ў Прэзідэнта краіны па пытаннях развіцця атамнай энергетыкі. Тады было даручана вывучыць, дзе будаваць і з кім атамную электрастанцыю. І сёння мы разам паспяхова выканалі ўсе задачы на выдатна. Няхай і надалей усё будзе гэтак жа. Мы выбралі добрага партнёра – дзяржкарпарацыю “Расатам” і з 76 пляцовак -- менавіта Астравецкую. І цудоўны вынік сёння ўсе бачаць.

Віталь Палянін, віцэ-прэзідэнт – дырэктар праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС:

-- 555 гадоў – гэта шмат. Але Астравец гэта малады і сучасны горад, лепшы ў свеце. Для дзяржкарпарацыі “Расатам” вялікі гонар быць часткай яго гісторыі.

Астравец за 11 гадоў будаўніцтва Беларускай АЭС стаў нам родным. Мы ўзвялі тут самую новую, бяспечную і лепшую ў свеце. АЭС – лакаматыў развіцця горада. Наш праект падыходзіць да завяршэння -- і на душы вельмі сумна, бо тут мы маглі працаваць і не турбавацца пра ўсё астатняе.

ostrovets.by